Завяршыўся Форум Астрожскіх: што адбывалася на галоўнай пляцоўцы беларуска-ўкраінскага дыялогу?
11–15 лістапада прайшла чацвёртая канферэнцыя Астрожскіх — адна з ключавых падзеяў для беларуска-ўкраінскіх стасункаў. Сёлета форум складаўся з дзвюх частак: дыскусіяў у Львове і палітычна-аналітычнай сустрэчы ў Кіеве. Удзел узялі больш за 100 чалавек, а таксама больш за 20 медыя ў анлайн- і афлайн-фарматах.
Сярод удзельнікаў — дэпутаты Вярхоўнай Рады ўсіх фракцыяў, прадстаўнікі ўрада і МЗС Украіны, Офіс Святланы Ціханоўскай, Аб’яднаны Пераходны Кабінет, Каардынацыйная Рада, палітычныя партыі, эксперты і прадстаўнікі грамадскіх арганізацыяў.
Якія тэмы былі ў цэнтры дыялогу?
– пра патрэбы беларускіх добраахвотнікаў. Дыскусія прайшла з удзелам саміх добраахвотнікаў, прадстаўнікоў урада і дэпутатаў Вярхоўнай Рады. Цяпер разглядаецца закон, які можа прынесці важныя пазітыўныя змены;
– пра тое, як беларусы могуць удзельнічаць у аднаўленні пасляваеннай Украіны;
– пра супольныя ініцыятывы і праект узаемадзеяння маладых палітычных лідараў;
– пра бяспеку ў рэгіёне. Падчас форуму прэзентавалі даследаванне BELPOL пра ўдзел Кітая ў вайне супраць Украіны.
Дарадца Святланы Ціханоўскай па парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька адзначыў:
«Форум Астрожскіх — гэта галоўная пляцоўка па беларуска-ўкраінскіх стасунках. Былі зладжаныя сем панэльных дыскусіяў, і, што самае важнае, пасля кожнай з іх будуць практычныя крокі — няма ніякіх сумневаў. Вялікі дзякуй удзельнікам і арганізатарам форуму».